МУЗЕЙ
ГICТОРЫI
МАГIЛЁВА

БеларускiРусскийEnglish
 

Пра музей
Ратуша
Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”
Выставачная зала
Гісторыя Магілёва
Старыя фотаздымкі
Выкуп каштоўнасцяў
Прайс-ліст
Нашы рэквiзiты

Першая магілёўская ратуша была пабудаваная пасля надання Магілёву Магдэбурскага права (1577 г.), у наступным, 1578 годзе. Яна была драўлянай і размяшчалася на самым пачатку вуліцы Ветранай (цяпер Ленінская).
Рашэнне пра пабудову мураванай ратушы гарадскі магістрат Магілёва прыняў у 1668 г.
У 1679-1681 гг. Пад кіраўніцтвам майстра Феські (Фескі) быў узведзены двухпавярховы будынак ратушы. У 1682-1686 гг. Артэль майстра Крузберга з Быхава ўзвяла перад ратушай каменную вежу, вышынёй у 26 м. 1 верасня 1686 г. гэтая вежа абвалілася.
Новую вежу, якая прастаяла да 1957 г. пачаў узводзіць у 1692 г. майстар Ігнат з артэллю. Яна стала адной з галоўных вертыкальных дамінант горада. 5-ярусная 8-гранная вежа завяршалася гранёным купалам з шпілем, мела балкон з металічнай рашоткай і вялікі гадзіннік. У агульнай кампазіцыі ратуша ўяўляла сабой выбітны помнік беларускага барока.
Падчас знаходжання ў Магілёве ў 1915-1918 гг. Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай імперыі, у будынку ратушы размяшчалася радыёстанцыя Стаўкі. Вежа ратушы выкарыстоўвалася як апірышча для антэны.
Пастановай саўнаркаму БССР № 28 ад 23 жніўня 1926 г. магілёўская ратуша была ўзятая пад ахову дзяржавы і аб’яўленая дзяржаўнай каштоўнасцю.
Да рэвалюцыі і ў даваенныя гады на ратушы знаходзіўся пажарны назіральны пост.
У ліпені 1941 г. падчас абароны горада на вежы ратушы лунаў вялікі чырвоны сцяг у адказ на нямецкі ўльтыматум – здавацца.
У дзень вызвалення горада ад нацыстаў на вежы ратушы размясцілася агнявая снайперская кропка, падавіць якую ўдалося толькі артылерыйскім агнём, у выніку чаго ўвесь будынак моцна пацярпеў.
Пасля абследавання пацярпелага ад вайны будынка летам 1945 г. камісіяй з найаўтарытэтных беларускіх гісторыкаў і дойлідаў, ратуша была прызнаная помнікам усесаюзнага значэння.
У 1953 г. Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне № 725 “Аб перадачы на захаванне Магілёўскаму гаркамунгасу былой ратушы як помніка архітэктуры і аб завяршэнні да 5 снежня 1953 г. рамонта і аднаўлення ратушы”.
У ліпені 1957 г. за адну ноч у Магілёве былі адначасова знішчаны два помніка дойлідства XVII ст. – ратуша і Успенская царква.
23 мая 1992 г. у прысутнасці грамадскасці горада быў урачыста закладзены і асвячоны архіепіскапам Максімам першы камень у фундамент ратушы, якую меркавалася аднавіць. Будаўнікі адпрацавалі на месцы ў агулам не больш за месяц, пасля чаго наступіла паўза ў аднаўленні будынка на 15 год. На працягу гэтых год грамадскасць горада неаднаразова выступала за працяг аднаўленчых работ – з’яўляліся артыкулы ў прэсе, арганізоўваліся зборы подпісаў.
Новую гісторыю ратушы пачало ў жніўні 2007 г. ААТ “Прамжылбуд”. Вынікі напружанай, творчай работы цяпер відавочныя: адроджаная ратуша была пабудаваная 3 ліпеня 2008 г.
Унікальным кампанентам адноўленай магілёўскай ратушы з’яўляецца вежавы гадзіннік, аўтарам і канструктарам якога стаў Генадзь Галоўчык.

001 002

28 чэрвеня 2014 года на вежы Ратушы з’явіўся новы “жыхар” – гэта механічная фігура гарадскога трубача. Аўтарам ідэі і выканаўцам механічнай часткі гэтай механічнай скульптуры стаў гадзіннікавы майстар Генадзь Галоўчык. Аўтарам мастацкай часткі (твар і рукі) стаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў.
1 кастрычніка 2014 года, у Міжнародны дзень музыкі, гарадская Ратуша правяла своеасаблівае свята – Дзень гарніста, на якім прайшло адкрытае галасаванне па выбару імя для механічнага трубача. Варыянты, прынятыя на галасаванне, на працягу некалькіх месяцаў паступалі на адрас музея ад грамадскасці не толькі з Магілёва, але з розных гарадоў Беларусі і нават з замежжа. У выніку галасавання большасцю было абрана імя Магіслаў (“той, хто славіць Магілёў”), прапанаванае скульптарам Андрэем Вараб’ёвым.
Цяпер Магіслаў кожны дзень выконвае гарадскую фанфару з балкона Ратушы, тройчы за суткі – а 12-ай гадзіне дня, а 8-ай гадзіне ўвечары (сімволіка гэтага выхаду звязаная з сімволікай васьмёркі як знаку бясконцасці), і трэці раз – у тую хвіліну, калі над Магілёвам садзіцца сонца. Табліца апошніх выхадаў.
Музыка, якую выконвае Магіслаў, была запісана па выніках адмысловага конкурса на гарадскую фанфару, выканаўца - Дзмітрый Касцюшка.

001 002 002

© 2016. Усе правы абаронены. УК "Музей гiсторыi Магiлёва"
212030 г. Магiлёў, вул. Ленiнская, 1А
Тэл.: +375 (222) 24-50-11
E-mail: ratusha.mogilev@gmail.com